ЛІНГВІСТЫ́ЧНАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,

раздзел мовазнаўства, які вывучае тэрытарыяльнае распаўсюджанне моўных з’яў. Вылучылася з дыялекталогіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Цесна звязана з арэальнай лінгвістыкай. Вытокі бел. Л.г. ў працах па ўсх.-слав. дыялекталогіі — «Нарыс рускай дыялекталогіі» А.І.Сабалеўскага (1892) і інш. Упершыню абгрунтаваў падзел бел. гаворак на 2 гал. часткі — паўн.-ўсх. і паўд.-зах. — і вызначыў іх тэр. межы Я.Ф.Карскі («Агляд гукаў і форм беларускай мовы», 1885). Вял. значэнне ў станаўленні Л.г. мелі працы П.А.Бузука, які шырока карыстаўся метадамі арэальнай лінгвістыкі («Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі», 1928, і інш.), праводзіў рэканструкцыю стараж. форм на аснове сучаснага распаўсюджання моўных з’яў. Якасна новы этап у развіцці Л.г. звязаны з інтэнсіўнай працай над складаннем дыялекталагічных атласаў бел., рус. і ўкр. моў, значнае месца сярод іх належыць «Дыялекталагічнаму атласу беларускай мовы». У ім акрэсліваюцца арэалы моўных з’яў, уласцівых агульнанац. бел. мове, а таксама дыялектных рыс, агульных для бел., рус. і ўкр. моў. Комплекс пытанняў, звязаных з групоўкай бел. гаворак, праблемамі гіст. дыялекталогіі і моўных кантактаў, асвятляецца ў працы (на базе атласа) «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968, карты ізаглос 1969). Слоўнікаваму складу гаворак Беларусі прысвечаны спец. «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5 тамах (т. 1—4, 1993—97).

Літ.:

Эдельман Д.И. Основные вопросы лингвистической географии. М., 1968;

Ареальные исследования в языкознании и этнографии: (Язык и этнос). Л., 1983;

Крывіцкі А.А. Што такое лінгвагеаграфія. Мн., 1986.

Ю.Ф.Мацкевіч.

т. 9, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)